Радасць новых сустрэч

10.02.2020
10 лютага 2020 года клуб “Цікавыя сустрэчы”, што дзейнічае на базе музеяў “Вілейшчына літаратурная” і “Ільянскія далягляды” дзяржаўнай установы адукацыі “Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця” ў чарговы раз сустракаў народны аматарскі калектыў аўтарскай песні «Імпэт» пад кіраўніцтвам Галіны Кутас.

Сустрэча адметная тым, што ў гэтым годзе калектыву спаўняецца 20 год.

 “Самая лепшая аўдыторыя – гэта школьная, - пачала сваю размову са слухачамі былая настаўніца з 17- гадовым стажам Галіна Віктараўна. – Мы вельмі рады сустрэчы з вамі, і выступленне пройдзе пад назвай “Радасць новых сустрэч”. Сёння будзем спяваць пра каханне, якое, як Божая іскра, загараецца ў сэрцы, бывае гарачым, шчаслівым і, на жаль, нярэдка прыносіць боль і смутак, пра тое, што хвалюе кожнага чалавека, але далёка не кожны можа выразіць гэта ў словах і мелодыях…”

Песню “Снег растане”  на словы і музыку Галіны Кутас выканала салістка калектыву Марына Шэрая, таленавіты музыкант, прафесіянал сваёй справы. Марына Мечаславаўна працуе загадчыкам філіяла Вілейскай  дзіцячай школы мастацтваў.  Яна падзялілася ўспамінамі пра сваіх былых вучняў, з гордасцю раказала пра іх шматлікія высокія дасягненні.

З радасцю віталі вучні былую настаўніцу замежнай мовы Святлану Іванаўну Міхалькевіч, жанчыну творчую, таленавітую, элегантную. У яе выкананні прагучалі песні  на словы і музыку Галіны Кутас “Ноч” і “Не пытайся”.

          

З вялікім натхненнем і на высокім прафесійным узроўні выканала Антаніна Галубовіч песню на словы Генрыха Кутаса і музыку Галіны Кутас “Хто даруе за ўсё”, з якой “Імпэт” удзельнічаў у конкурсе духоўнай песні, арганізаваны АЦНТ,  і стаў лаўрэатам. Антаніна, выпускніца Ільянскай школы, закончыла Маладзечненскі музычны каледж імя М. Агінскага, потым Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці музыка і рытміка, працуе мастацкім кіраўніком Чысцінскага ДК.

Госці не толькі спявалі песні, а таксама дзяліліся ўспамінамі, гаварылі пра жыццё. Са словамі наказу і пажаданнямі звярнуліся да вучняў Галіна Кажура і Юрый Амілаўскі.

Сваю канцэртную праграму народны калектыў «Імпэт» завяршыў песняй на словы Яўгеніі Янішчыц і музыку Галіны Кутас “Пачынаецца  ўсё з любві”.

Удзельнікі калектыву ў чарговы раз парадавалі публіку сваім выступленнем. Яно дазволіла вучням яшчэ раз адчуць прыгажосць роднага беларускага слова.

Шчыра віншуем народны аматарскі калектыў аўтарскай песні «Імпэт» і асабіста Галіну Віктараўну з юбілеем і жадаем здароўя і творчага даўгалецця.

              Аксана Шушкевіч,

                   кіраўнік школьнага народнага музея  “Вілейшчына літаратурная”