Гэты фотаздымак нам даслаў краязнавец з Польшчы Ілірык Вараўка.
80 год назад, нашы землякі з пад Альковічаў браты Адамовічы былі першаадкрывальнікамі паветранага шляху з Амерыкі у Еўропу праз паўночную Атлантыку на аматарскім самалёце ў 1934 годзе.
Браты Баляслаў (справа) і Восіп Адамовічы, якія нарадзіліся паблізу Альковічаў на Вілейшчыне ў канцы 19-га стагоддзя, сталі нацыянальнымі героямі міжваеннай Польшчы. У 1934 годзе яны былі першымі выхадцамі з тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, якія пакарылі паветраны шлях з Амерыкі да Еўропы праз паўночныя воды Атлантыкі.
Да гэтага часу іхні ўчынак застаецца геройскім і легендарным. Гэта не былі прафесіянальныя лётчыкі як рускі Валеры Чкалаў ці першаадкрывальнік паветранага шляху з Амерыкі ў Стары Свет ў 1927 годзе амерыканец Чарлз Ліндберг.
Простыя беларускія хлопцы, якія ўжо ў немаладым узросце дабіліся нейкага дабрабыту ў Амерыцы і здолелі за сваю капейку купіць аматарскі самалёт, навучыцца на ім лятаць, дзякуючы сваёй смеласці, інтуіцыі і адвазе зрабілі тое, што і сёння застаецца геройскім і легендарным учынкам.
Відэа: 2 ліпеня 1934 года на аэрадроме ў сталічным Макатове іх сустракала ўся Варшава. Атмасферу эйфарыі, у якой знаходзіліся варшавяне амаль восемдзесят гадоў таму, сустракаючы нашых землякоў, вы зможаце адчуць, паглядзеўшы гэта кароценькае відэа.
Відэа repozytorium.fn.org.pl
Польская прэса таго часу пісала, што героі насамрэч былі простымі “паядальнікамі хлеба”, двума немаладымі мужчынамі з відавочнай схільнасцю да аблысення, не самыя худыя і з вясёлым выглядам бізнэсменаў з харчблока. Іх геройскі учынак, як лічылі самі браты Адамовічы, адбыўся дзякуючы вялікай дозе шчасця.
2 ліпеня 1934 года на аэрадроме ў Макатове іх сустракала ўся Варшава. Фота nac.gov.pl:
Нашы землякі адчуваюць сябе героямі. Фота szymon-spandowski.blogspot.com:
Амерыканскія прадпрымальнікі, ўраджэнцы Вілейшчыны, авіятары-аматары Баляслаў (першы справа) і Восіп (трэці справа) Адамовічы перад самалётам Bellanca J 300 "City of Warsaw". Прысутнічае пасол Польшчы ў Францыі Альфрэд Хлапоўскі (чацвёрты справа). Фота nac.gov.pl:
Амерыканскія прадпрымальнікі, ўраджэнцы Вілейшчыны, авіятары-аматары Баляслаў (другі справа) і Восіп (трэці злева) Адамовічы пасля транснацыянальнага пералёту праз паўночную Атлантыку на сваім самалёце Bellanca J 300 з назвай "City of Warsaw" на аэрадроме Ле Буржэ у прадмесці Парыжа. Наперадзе – Варшава. Трэці справа – пасол Польшчы ў Францыі Альфрэд Хлапоўскі. Фота nac.gov.pl:
Урачысты праезд праз Варшаву праз прывітальныя натоўпы. У аўтамабілі справа Баляслаў Адамовіч. Фота nac.gov.pl:
Браты Адамовічы пасля прызямлення на аэрадроме ў Макатове (Варшава) пад аховай ад усхваляванага натоўпу паліцыі і войска. Фота nac.gov.pl:
На Тэатральнай плошчы ў Варшаве. Фота nac.gov.pl:
Браты Баляслаў (з букетам злева) і Восіп (з букетам справа) Адамовічы у кампаніі пасла ЗША у Польшчы (John Cudah - у светлым касцюме ў лінейку), віцэпрэзідэнта Варшавы Юзэфа Апіньскага (у цёмным касцюме з вусамі), генерала Людаміла Райскага (стаіць за Баляславам). Фота nac.gov.pl:
На пачатку чэрвеня 2012 года даўні сябра музея “Вілейшчына літаратурная” Ільянскай сярэдняй школы імя Адама Грымаця, колішні жыхар Ільі, вучань школы, а зараз прафесар у Польшчы Ілірык Вараўка даслаў мне кнігу Софіі Рэклеўскай-Браўн і Казіміра Браўна “Браты Адамовічы, эмігранты-лётчыкі, першыя польскія здабыўцы Паўночнай Атлантыкі”.
Спадар Ілірык перадаў нашаму музею матэрыял Казіміра Мазурыка “Пералёт над Атлантыкай братоў Адамовічаў”. Аўтар названага артыкула сабраў змястоўны матэрыял, да якога прыклаў фотаздымкі, карты. Сцісла перадаю тое, што прачытала на польскай мове ў гэтых аўтараў, бо не ўсе мае землякі чыталі гэтыя аповеды.
Да рызыкоўнага пералёту прыклаліся непасрэдна два браты – Баляслаў і Восіп, але матэрыяльны ўдзел, па ўсім бачна, прымаў таксама брат Браніслаў. Акрамя таго да гэтых братоў у эміграцыю выехала сястра і іншая радня. Па ўспамінах Баляслава, у Яноўшчыне іх, кроўных, было васьмёра.
Бацькі іх, Юльян Адамовіч і Ганна Гейна, рана пакінулі свет: у 1906 годзе – маці, а праз некалькі гадоў пайшоў за ёй і бацька. У сваёй кнізе Браўны паказваюць братоў Адамовічаў з Альковічаў Крайскага павета. Богу маліцца хадзілі ў Альковіцкі касцёл. Сям’я, відаць, была працавітая, жылі даволі заможна: мелі дом, у якім жыло каля дзесяці чалавек (у тым ліку і дзед Лукаш), гаспадарку: стайню, абору, стадолу, хлявы, куратнік, 25 кароў, 15 свіней, каля 30 авечак, 4 кані, каля 50 гектараў зямлі.
У эміграцыю скіроўваліся самыя смелыя, тыя, хто не баяўся перашкод, нават крыху рызыкоўныя. Практыка выезду ў Амерыку была ў нашай мясцовасці ад паловы 19 стагоддзя. На пачатку 20 стагоддзя ў Брукліне аселі цэлымі кланамі радня Адамовічаў і Гейнаў, іх суседзяў і знаёмых.
Браніслаў (Бронька, Бронюсь) 1885 года нараджэння, Восіп ( Ёзэф, Юзаф, Осіп, Восіп) – 1893, Баляслаў (Болек) – 1898. У 1905 годзе браты пачалі пакідаць любы край, у пошуках новага і незвычайнага. Восіп Адамовіч ( даследчыкі думаюць, што гэта быў Браніслаў) прыбыў у Ню-Ёрк і спыніўся ў знаёмых. Там жа была і яго жонка, Ганна Скшэтуска (Anna Skrzetuska), там яны нажылі двое дзяцей.
У 1914 годзе да Браніслава прыехаў чатырнаццацігадовы Ёзэф, а крыху пазней яны забралі да сябе і малодшага, адзінаццацігадовага Баляслава. Усе браты скончылі “паўшэхную” школу, вучыліся ў Крайску, дарога была няблізкая – кіламетраў пяць, зімой іншы раз страшна было ісці праз лес, які з абодвух бакоў падступаў да самай дарогі, маглі сустрэць ваўкі. Браніслаў скончыў двухгадовую афіцэрскую школу ў статусе падпрапаршчыка, прызваны быў на вайсковую службу, але нейкім чынам выйшаў у адстаўку, хоць ішла вайна з Японіяй.
Спачатку ўсе браты ўладкаваліся працаваць на цукровы завод, а ў 1918 годзе пачалі працаваць на сябе – адчынілі прадпрыемства па выпуску і продажы газіраванай вады.
З таго часу, пераадольваючы розныя цяжкасці і перашкоды, дружны клан Адамовічаў ашчаджаў кожны долар, не адкідалі і пабочныя заробкі (падпольна гнаў гарэлку), бо братоў захапіла мара – падняцца на самалёце ў неба.
Спакваля мара прыбліжалася: спачатку набылі стары матацыкл, пазней змянілі яго на аўтамабіль, пасля аўтамабілі сталі купляцца ўсё больш шыкоўныя і ўрэшце прыйшло жаданне набыць уласны самалёт. Упершыню паспыталі шчасце падняцца ў неба ў 1928 годзе на вучэбным самалёце, які ляцеў 15 міль у гадзіну, каштаваў такі палёт 10 долараў на аднаго пасажыра.
Прыспешвала неўтаймаванае жаданне – наведаць сваю радзіму, з вышыні ўбачыць родныя палеткі і лугі, лясы і пералескі, па якіх ў сэрцы была непазбыўная туга.
Самалёт старгавалі за 3400 долараў. У ім былі месцы і для вучняў, і для інструктара. Баляслаў і Восіп аказаліся стараннымі, працавітымі вучнямі, да пілатажнай навукі аднесліся вельмі сур’ёзна, не ўсё было гладка, прыходзілася траціцца на рамонт самалёта, не раз прыкласці свае рукі, вывучыць не адзін падручнік па пілатажы і навігацыі, здаць экзамены на права кіраваць самалётам.
Браты разумелі, каб пераляцець Атлантыку, патрэбны больш надзейны самалёт. Свой самалёт прадалі за 4 тысячы долараў і з дапамогай радні купілі “Беланку” (Bellanca J300) за 22 тысячы. Гэта была марка самалёта, выпрабаваная на далёкія адлегласці, складаная і прыгожая машына. Браты ляталі на “Беланцы” з лета 1932 года. Летам 1933 года адбылася першая спроба пералёту на далёкія адлегласці.
28 чэрвеня 1934 года на аэрадроме пад Нью-Йоркам сабралася радня і сябры, каб з добрымі пажаданнямі адправіць у нялёгкі і складаны, няведамы шлях гераічных хлопцаў Баляслава і Восіпа (па-амерыканску Бэн і Йё), былі тут і прадстаўнікі польскага консульства, і карэспандэнты. Самалёт заправілі ”пад самую завязку”, узялі запасны бензін. У шэсць гадзін трыццаць пяць хвілін стартавалі.
Можна толькі ўявіць, як радаваліся і адначасова хваляваліся браты, вылецеўшы ў далёкі і небяспечны шлях, шлях на радзіму. Надвор’е спрыяла. Ляцелі на працягу дзевяці гадзін і трыццаці хвілін, прыкладна 1870 кіламетраў. Селі на востраве Ньюфаўндленд
Там іх чакалі папярэджаныя людзі, была наладжаная кароткая сустрэча, вячэра і начлег.
Наступным ранкам самалёт быў дазапраўлены, узялі ў запас паліва і аліва, гэтага павінна было хапіць на 30-35 гадзін лёту. Развітацца і пажадаць шчаслівага шляху прыйшло каля трохсот чалавек, зацікаўленых у пералёце.
За штурвал сеў Баляслаў. Пачаўся пералёт праз Атлантыку. Ляцець вырашылі высока, каб пазбегнуць неспрыяльных умоў, якія фарміраваліся бліз вады. Адчуванне шчасця і свабоды праз шэсць гадзін змянілася вялікай трывогай: самалёт пачаў пакрывацца лёдам. Было вельмі холадна. Самалёт не быў вельмі шчыльным, адзенне на пілотах было даволі лёгкім: бялізна, кашулі, світары, а зверху лётніцкі камбінезон.
Браты малілі Бога аб літасці, бо самалёт пачаў рэзка зніжацца, а ўнізе бушаваў акіян, прычым альковіцкія мужыкі ў бартавым дзённіку, які вялі на англійскай мове, у час найбольшай небяспекі зрабілі запіс на роднай мове: “Божа, злітуйся над намі!”.
Зніжэнне доўжылася каля пяці хвілін, а пілотам, напэўна, здалося вечнасцю. У цёплых слаях паветра лёд стаў раставаць і спаўзаць з корпуса самалёта. Пазней браты ў дзённіку ўказалі, што бачылі на вадзе льдзіны. Падзенне спынілася. Вырашылі не падымацца вышэй за 2000 метраў, каб зноў не трапіць у абледзяненне.
Не паспелі пілоты ўздыхнуць з палёгкай, як трапілі ў навальніцу. Сцямнела. Ляцелі амаль усляпую. Дождж ліў – як з вядра, вада пападала праз усялякія няшчыльнасці ў кабіну. Білі перуны, маланка сляпіла вочы. Доўжылася гэта дастаткова доўга, нібы адна бура перадавала самалёт другой. Спрабавалі падняцца вышэй, апусціцца ўніз і праз нейкі час вызваліліся ад прыкрай спадарожніцы.
Але выпрабаванні на гэтым не скончыліся. Восіп, які ўзяўся дазапраўляць бак, убачыў, што ён амаль пусты. Вылілі ў бак усё паліва, што бралі з сабой у запас. Прадаўжалі свой шлях далей.
У хуткім часе ўбачылі востраў, на якім былі хаты, пасвілася жывёла. Падумалі, што прыбліжаюцца да мэты. Зноў уляцелі ў хмару, амаль гадзіну было такое “бездарожжа”.
Адчувалі няўпэўненасць: пад імі Еўропа, але ці гэта Францыя, ці Германія… Шукалі, дзе прызямліцца. Убачылі роўнае поле, але там пасвіліся каровы. Кружылі, шукаючы, дзе можна сесці, бо паліва было на зыходзе. Паказалася больш-менш роўная мясцовасць. З вялікай рызыкай прызямліліся, скрышыўшы нейкі драўляны плот.
Быў поўдзень. Суботні дзень. У дарозе Адамовічы былі дваццаць шэсць гадзін з паловай, праляцелі чатыры тысячы кіламетраў. Атлантыка засталася ззаду, але дзе яны селі? У хуткім часе падышлі нейкія два хлопцы, гаварылі, відаць, па-французску. Сталі падыходзіць яшчэ людзі. Усім было цікава, што за людзі так нечакана з’явіліся сюды на самалёце.
Сярод іх была настаўніца мясцовай школы, якая разумела англійскую мову і крыху гаварыла на ёй. Яна растлумачыла, што яны знайшлі прыстанішча ў французскім мястэчку.
Жыхары, даведаўшыся ад настаўніцы, што лётчыкі пераляцелі Атлантыку, шчыра віталі смельчакоў. Падышлі прадстаўнікі паліцыі, з імі быў паляк-эмігрант Стэфан Ямялкоўскі, які даўно асеў у Францыі. Ён шчыра дапамагаў братам: з мястэчка патэлефанаваў ў Парыж і Варшаву аб шчаслівым прызямленні, прывёз механіка, каб той падладзіў невялікія пашкоджанні самалёта, атрыманыя пры пасадцы.
Сабраліся вядомыя людзі той мясцовасці, у найбліжэйшай сядзібе наладзілі свята ў гонар здабыўцаў Атлантыкі. Людзі неслі кветкі, бралі ў герояў аўтографы, фатаграфаваліся. Ноччу прыбылі з Парыжа прадстаўнікі французскіх і польскіх улад, раніцай першага ліпеня афіцыйна прывіталі Адамовічаў, там быў прадстаўнік Міністэрства авіяцыі Піцард, палкоўнік Бляшынскі, аташэ польскай вайсковай амбасады.
Той жа раніцай перабраліся ў суправаджэнні французскага вайсковага самалёта на аэрадром пад Парыжам. Зноў былі прывітальныя прамовы ад прадстаўнікоў польскіх, французскіх і амерыканскіх, бо вестка аб іх прыбыцці ўжо распаўсюдзілася ў вярхах, гучаў вайсковы аркестр, генералы, палкоўнікі ў акружэнні афіцэраў, прыбыў польскі пасол Альфрэд Хлапоўскі, які ўручыў тэлеграму ад аэраклуба Польшчы. Былі зробленыя здымкі, адбылося асвятленне ў прэсе.
У бак самалёта залілі васемсот літраў паліва, каб хапіла на апошні этап лёту да Варшавы, дзесьці каля 1600 кіламетраў. Надвор’е было лётнае. Самалёт падняўся на тры тысячы метраў над зямлёй. Баляслаў трымаў курс па компасе, а Восіп звяраўся з картай.
А ў Варшаве поўным ходам ішлі прыгатаванні да сустрэчы герояў: прыбыла да аэрадрома прэса, сабралася шмат людзей, гучала музыка, вецер развяваў польскія і амерыканскія сцягі. Адамовічаў чакалі генерал Людамір Райскі, шэф дэпартамента авіяцыі міністэрства вайсковых спраў, палкоўнік Тамаш Турбяк, палкоўнік Юліян Філіповіч, палкоўнік Багдан Квяцінскі маёр Тамаш Макоўскі, выканаўца абавязкаў прэзідэнта Варшавы Караль Альпіньскі і шмат вельмі значных асоб горада і дзяржавы.
Насустрач "Бяланцы" вылецела пяць ваенных самалётаў, але вярнуліся без "Бяланкі". Пачакаўшы бліз дзвюх гадзін, вылецелі зноў, але самалёта Адамовічаў у паветры не было. Большасць людзей чакала з зайздроснай настойлівасцю. Аэрапорт зачынілі толькі ў дзесяць гадзін вечара. У дваццаць тры гадзіны прыйшла тэлеграма з Германіі, што самалёт Адамовічаў прызямліўся там.
Тым часам братоў ахапіла трывога: паліва расходавалася значна хутчэй, чым яны прадбачылі. Баяліся катастрофы. Вырашылі садзіцца ў першым падыходзячым для пасадкі месцы.
Селі на пляцы ля лесу. Гэта было прыкладна за восем кіламетраў ад Гросена над Одэрам. Падышлі людзі, паліцыя. Зноў цяжка было паразумецца. Немцы з падазрэннем аднесліся да просьбы указаць ім пошту, даць магчымасць патэлефанаваць у Варшаву. Восіп пайшоў з паліцыянтамі, але хутка вярнуўся ды яшчэ прынёс чатыры бутэлькі піва. Немцы ўладкавалі братоў на начлег. У палове трэцяй іх разбудзіў тэлефонны званок карэспандэнта польскага тэлеграфнага агенцтва з Берліна, які паведаміў, што іх з нецярпеннем чакаюць у Варшаве. Раніцай ім прывезлі пяцьдзесят літраў паліва (у адрозненне ад французаў, за яго трэба было заплаціць). Нарэшце апошні пералёт!
Другога ліпеня 1934 года, зноў крыху зблудзіўшы, здарожаныя, але шчаслівыя лётчыкі прызямліліся не ў Варшаве, а ў Таруні. Там іх прымалі таксама вельмі прыязна і з ганаровым суправаджэннем правялі да самай Варшавы. Там ужо іх чакалі. Тым больш, што зацікаўленасць самалётабудаваннем і авіяцыйным рухам у той час было вялікае. Вакол прылёту братоў Адамовічаў склалася святочная прыўзнятая атмасфера. На сустрэчу сабралася некалькі тысяч людзей, якія занялі аэрадром і яго ваколіцы. Прыбылі ўсе тыя, што чакалі першага прылёту.
Свята вылілася на вуліцы і ў скверы.Самалёт набліжаўся, а натоўп махаў капелюшамі, шапкамі, хустачкамі, кветкамі, узрываўся прывітальнымі воклікамі. Калі ж браты выйшлі з самалёта, іх падхапілі на рукі, так і неслі да машыны. Святочны мітынг адбываўся на Тэатральнай плошчы. Пераезд выліўся ў святочнае вітанне пакарыцеляў акіяна. Выступоўцы з эліты прысутных гаварылі гарачыя прамовы, віншавалі з пераможным пералётам праз Атлантыку, з адкрыццём новага паветранага шляху “Ню-Ёрк – Варшава.”
Потым са словамі падзякі выступілі абодва браты Адамовічы. На пражыванне размясцілі іх у гасцініцы “Еўрапейская”. Прывучаныя ў жыцці да сціпласці, браты ў асобных шыкоўных пакоях гатэля адчувалі сябе не вельмі ўтульна. Хацелася ім быць разам.
У час гасцявання ў Польшчы Адамовічам была дадзеная магчымасць пабываць ў розных гарадах і найбольш цікавых мястэчках, аб гэтым пісаў “Кур’ер Варшаўскі “ ў ліпені 1934 года. У Вільні іх сустракалі прадстаўнікі ўлад горада і нават сам генерал Люцыян Жалігоўскі, які ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя прычыніўся да далучэння Вільні да Польшчы. Тут жа быў альковіцкі ксёндз Пачкоўскі з урнай у руках, а ў урне – родная альковіцкая зямелька.
Родныя Альковічы, як тады казалі, не былі пад бальшавікамі. Але ў прэсе (“Польска Заходня”) было паведамленне, што браты Адамовічы атрымалі запрашэнне праз “Інтурыст” на прыезд у Савецкі Саюз. 18-20 чэрвеня яны былі ў Маскве, з 23 чэрвеня былі ў Мінску, праз польскае консульства атрымалі дазвол пабываць у родных мясцінах.[20].
Настаўнік Мацькаўскай школы Вілейскага раёна Пастарнак Міхаіл Мар’янавіч са сваімі гурткоўцамі летам 2010 года апытаў старэйшых жыхароў тых мясцін, якія расказвалі, што прыязджалі якіясь паны, усе казалі, што гэта амерыканцы. Яны атрымалі дазвол, як казалі людзі, у Сталіна, пабываць у сястры ў Крайску. Ёй пашанцавала: начальства да прыезду братоў дало карову, забяспечыла прадуктамі, адным словам, паказала, што жывецца жанчыне добра.
Чалавек, які прыслужваў ксяндзу, распавядаў, што “амерыканцы” Адамовічы стаялі ў касцёле з ім амаль побач. З яго расказу вынікае, што гэта насамрэч былі Адамовічы, але затрымаліся яны ў Крайску нядоўга. Хочацца спадзявацца, што гэта былі людзі з Альковічаў, якія пакінулі Радзіму ў пошуках шчасця, сталі ў Амерыцы прадпрымальнікамі, якія любымі спосабамі зараблялі грошы, сталі лётчыкамі, уладарамі ўласнага самалёта, тэхнічна граматнымі людзьмі, скіравалі сваю энергію на тое, каб здзейсніць сваю запаветную мару – пераляцець Атлантыку, наведаць сваю Радзіму.[13].