Мы ўзялі за экспанат даследвання дыск Г.В. Кутас “Смак дзяцінства” з мэтай шырэйшага азнаямлення з матэрыяламі дыска вучняў школ Вілейшчыны і настаўнікаў, далучыць да паэзіі сям’і Кутасаў, дапамагчы развіць музычны густ і паэтычнае чуццё.
Дыск “Смак дзяцінства” ўключае ў сябе дзесяць песень для дзяцей і юнацтва: “О, Беларусь!”, “Беларуская зямля”, “Пачакайце, падрасту”, “Мак таўкуць камары”, “Полечка”, “Маме”, “Абеліскі”, “Апошні званок”, “Родны край”, “Крок за крокам”.
Дзіцячага рэпертуару наогул нямнога. Актуальнасць здзейсненай працы дастаткова значная. Я і мае сяброўкі з’яўляемся не толькі экскурсаводамі музея “Вілейшчына літаратурная”, але і ўдзельнікамі народнага аматарскага калектыву, эстраднай студыі аўтарскай песні “Імпэт” (Дадатак 5, 12). Мы заўважаем, што песні Галіны Кутас ўспрымаюцца дадатна. Нас запрашаюць у розныя школы раёна і іншыя калектывы, а ў нашай школе мы выступаем наогул часта. Хочацца спадзявацца, што дыск прыдасца ў музычным афармленні святаў шмат дзе, бо з выдадзеных 500 дыскаў 150 распаўсюджана па бібліятэках, дамах культуры, калектывах мастацкай самадзейнасці, 100 дыскаў распаўсюдзіў па школах аддзел адукацыі раёна.
На дыску запісана сем песень на словы Міколы Кутаса, тры песні на словы іх сына Генрыха Кутаса, музыку да ўсіх песень і словы да песень “Мама” і “Абеліскі” напісала Галіна Віктараўна.
Трэба зазначыць, што сям’я Кутасаў вельмі творчая. Мікола Сямёнавіч выдаў дзве кнігі вершаў: “Перазвоны”(1999), “Размову з вераснем вяду” (2012). У 2006 годзе выйшаў сямейны паэтычны зборнік Кутасаў “У храме дзён” (Дадатак 2, 9). Творчая сям’я Кутасаў можа служыць прыкладам для многіх беларускіх сем’яў. Яны не толькі сумленна выконваюць свае прамыя абавязкі, але яшчэ шмат займаюцца грамадскай працай (Дадатак 3, 10). Нам асабліва імпануе, што ўсе яны частыя госці нашай школы – дапамагаюць ладзіць мерапрыемствы, сустракаюцца з вучнямі, праводзяць практыкумы паэтычнага майстэрства. Аб гэтых слаўных людзях Вілейшчыны пісалі ў газетах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштаба (Дадатак 6-9).
У нашым музеі маюцца багатыя матэрыялы пра кожнага з іх. Мы расказваем пра Міколу Сямёнавіча і Галіну Віктараўну, чытаем вершы іх і Генрыха. Генрых Мікалаевіч прыняў актыўны ўдзел ў святкаванні 150-годдзя нашай школы (Дадатак 11). Правялі прэзентацыі паэтычных зборнікаў і дыска “Смак дзяцінства” (Дадатак 4).
Усе песні на беларускай мове. Маецца “плюс” і “мінус”. Аранжыроўкі выканаў Аляксандр Усовіч.
Раней у Г.В.Кутас выйшаў кампакт-дыск “Іду на твой голас, Радзіма”, потым з’явіўся “Васільковы сон”. Былі “Насцеж”, “Не баіцца вятроў мой агонь” і іншыя. У 2011 годзе Кутасы ўвайшлі ў склад фіналістаў Нацыянальнай музычнай прэміі Беларусі ў галіне эстраднага мастацтва – у намінацыі “Аўтарскі дэбют. Новае імя” (Дадатак 1). У 2012 годзе “Смак дзяцінства” вылучылі ў намінацыю “Лепшы музычны альбом”.
Экскурсія “Гісторыя аднаго экспаната – Дыск “Смак дзяцінства” (песні для дзяцей і падлеткаў) народнага аматарскага калектыву, эстраднай студыі аўтарскай песні “Імпэт”
Экскурсавод 1
Гэты незвычайны экспанат падарыла музею сама гаспадыня дыска “Смак дзяцінства” Галіна Віктараўна Кутас ў 2012 годзе, адразу пасля яго выхаду ў свет. Падчас прэзентацыі Галіна Віктараўна расказала, што праца над дыскам доўжылася тры гады. У народным аматарскім калектыве аўтарскай песні “Імпэт”, створаным ў 2000 годзе, акрамя дарослых выканаўцаў былі вучні. Паступова дзеці выраслі, іх замяніла новае папаўненне. Спачатку выконваліся песні ранейшага рэпертуару, але час патрабуе развіцця і шляху наперад. Наспела неабходнасць папоўніць рэпертуар новымі творамі, якія адпавядалі б узросту ўдзельнікаў групы “Імпэт+”.
Экскурсавод 2
Сяброўскія адносіны з юнымі выканаўцамі і цеплыня ўзаемін натхнілі стваральніцу на новыя песні для дзяцей і падлеткаў. З’явіліся песні “Мама”, “Абеліскі”, якія выконваліся ў розных аўдыторыях і мелі вялікі поспех. Галіна Віктараўна звярнулася да творчасці свайго сына Генрыха, які пачаў пісаць яшчэ за школьнай партай. У выніку на яго вершы Галіна Віктараўна паклала музыку, і атрымаліся песні “О Беларусь!”, “Крок за крокам”. Спецыяльна для дзяцей напісаў тэксты Мікола Кутас. У сямейным дуэце атрымаліся цудоўныя песні: “Мак таўкуць камары”, “Полечка”, “Апошні званок”, “Родны край”.
Экскурсавод 3
Такім чынам падрыхтавалі дзесяць песень, якія складаюць рэпертуар падлеткавай групы “Імпэт+” і дыск “Смак дзяцінства”. Церахава Сняжана, Судніковіч Аляксандр, Шымель Паліна, Акуліч Вікторыя – салісты і выканаўцы. Аляксандр саліруе шэсць песень.
Экскурсавод 4
Дыск носіць пазітыўную назву “Смак дзяцінства”. Гэта не словы з песні, а як пацвярджэнне таму, што вучыцца ў школе, спяваць песні і несці іх слухачам – сапраўднае шчасце. У 2012 годзе Г.В.Кутас прапанавала кампакт-дыск “Смак дзяцінства” на Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне эстраднага мастацтва” ў намінацыі “Аўтарскі дэбют. Новае імя”. Рэцэнзія вядомага музычнага крытыка Рэспублікі Беларусь Надзеі Бунцэвіч на яго з’явілася ў газеце “Культура” і была прыязнай.
Гучыць песня на словы Генрыха Кутаса, музыку Галіны Кутас “Крок за крокам”
Экскурсавод 1
Сапраўдная творчая біяграфія Галіны Віктараўны Кутас пачалася ў 1999 годзе, калі песня на словы і музыку Галіны Віктараўны была адзначана дыпломам III ступені Вілейскага раённага выканаўчага камітэта. У 2012 годзе сям’я Кутасаў удзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная музычная прэмія” ў намінацыі “Лепшы музычны альбом”. Яна як паэтка і песенніца вядома не толькі за межамі раёна, але і вобласці і рэспублікі.
Гучыць верш Генрыха Кутаса “Адзінства”
Спяшаюцца ў рэкі ручайкі,
Змываючы нястомна перашкоды.
Як вены чалавечае рукі,
Яны сасуды велічнай прыроды.
Адвеку існуе пчаліны рой,
І гуртам усміхаецца дзяцінства.
Як добра жыць шчасліваю сям’ёй,
Бо ёсць закон няпісаны адзінства.
Ветразь надзеі і далеч агністая
Хай застаюцца іскрыстымі, чыстымі,
Як каравэлы краіны дзяцінства,
Як неўміручая прага адзінства.
Песні калектыву "Імпэт"
Агляд літаратуры:
1. Газета “Шлях перамогі” № 95, 29 снежня 2012 года. У.Кажамяка “Ёсць сейбіты на ніве дабрыні”.
2. Газета “Культура “№ 48, 1 снежня 2012 года. Н.Бунцэвіч “Альбом з Ільі. Дзіцячыя песні “на смак”.
3. Газета “Шлях перамогі” №79, 24 кастрычніка 2012 года. У.Кажамяка “Імпэт” – для бабінага лета. І не толькі…”
4. Газета “Шлях перамогі” №29, 24 красавіка 2010 года. М.Кузаўкіна “Ідзём на твой голас, “Імпэт”.
5. “Рэгіянальная газета” №10, 9 сакавіка 2012 года. Р.Шэрая “ Лёс назаўсёды звязаў Міколу Кутаса з вілейскім краем”.
6. М.Кутас “Перазвоны”.1999 г. Друкарня “Перамога”.
7. Мікола Кутас, Галіна Кутас, Генрых Кутас “У храме дзён”. Мінск Выд. І.П.Логвінаў. 2006.
8. Мікола Кутас “Размову з вераснем вяду”. Мінск “Ковчег” 2012.
9. Кампакт-дыск “Смак дзяцінства”.2012.
Дадаткі

Дадатак 1. Сям’я Кутасаў падчас удзелу ў цырымоніі ўручэння Нацыянальнай музычнай прэміі Беларусі ў галіне эстраднага мастацтва

Дадатак 2. Сям’я Кутасаў на прэзентацыі кнігі “У храме дзён” (2006 год)

Дадатак 3. Буклет народнага аматарскага калектыву, эстраднай студыі аўтарскай песні “Імпэт”

Дадатак 4. Прэзентацыя дыска “Смак дзяцінства”

Дадатак 5. Тэматычная экскурсія “Гісторыя аднаго экспаната – Дыск “Смак дзяцінства” (песні для дзяцей і падлеткаў) народнага аматарскага калектыву, эстраднай студыі аўтарскай песні “Імпэт”

Дадатак 6. Артыкул М.Бунцэвіч у газеце “Культура” (№48 ад 01.12.2012) “Альбом з Ільі”

Дадатак 7. Артыкул М.Кузаўкінай у газеце “Шлях перамогі” (№29 ад 24 красавіка 2010 года) “Ідзём на твой голас, “Імпэт”

Дадатак 8. Артыкул Я.Лапіцкага ў газеце “Шлях перамогі” ад 22.03.2005 года “На добрых людзей Вілейшчына багатая”

Дадатак 9. Абмен творчымі набыткамі Галіны Кутас з Мікалаем Ляшчуном (2013 год)

Дадатак 10. Урок жыцця і прафесіі (27.10.2012)

Дадатак 11. Мы разам спяваем і адпачываем (экскурсаводы школьнага народнага музея “Вілейшчына літаратурная” і ўдзельнікі народнага аматарскага калектыву, эстраднай студыі аўтарскай песні “Імпэт”)