Цікавая сустрэча
13.12.202413 студзеня 2024 года ў ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця” на базе музея «Вілейшчына літаратурная» адбылося чарговае пасяджэнне клуба «Цікавыя сустрэчы». Школу наведалі з выступленнем літаратурны тэатр «Слова» пад кіраўніцтвам Зінаіды Уладзіміраўны Феакціставай. Зінаіда Уладзіміраўна Феакцістава з’яўляецца артысткай рэдкага і складанага жанру — мастацкага слова. Артыстка добра вядомая сярод дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. З любоўю нясе сваім слухачам роднае слова, прывівае любоў да нацыянальнай літаратуры, гісторыі і культуры. Зінаіда Уладзіміраўна - майстар высокага ўзроўню, што пацвярджаецца ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» і медалём Францыска Скарыны.
Да ўвагі слухачоў былі прапанаваны дзве тэмы: «Краіна мая, маці мая…» і «Буслянка».
У праграме «Краіна мая, маці мая…», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі – Пімена Панчанкі, прагучалі драматычныя вершы пра вайну, Радзіму, лірыка кахання, іранічныя творы паэта.
Праграма «Буслянка» (для вучняў малодшых класаў) была пабудавана ў выглядзе ўрока, на якім побач з сур’ёзнымі творамі сучасных беларускіх паэтаў гучаць смяшынкі, жарты, гумарэскі.
У выкананні салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Святланы Старадзеткі прагучалі песні беларускіх кампазітараў Р.Пукста, У.Дарохіна, У.Громава, І.Лучанка, А.Багатырова на вершы П.Панчанкі. Акампаніравала дыпламант Міжнародных конкурсаў Марыя Мацвіеўская
Сустрэча была цёплай і шчырай. Яна дазволіла вучням яшчэ раз дакрануцца да сапраўднага мастацтва беларускага слова.